Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел сёмы (частка II)

Ламаўся на рэках лёд. Грымела на Дняпры каля Кіева. Грымела на Прыпяці і на Дзясне. Чорныя вільготныя хмары, сеючы мокры снег і дождж, праляталі над пушчамі і лугамі, над гарадамі і весямі. Часам вецер уздзіраў край агромністай хмары, і такі нечаканы, такі яркі блакіт адкрываўся воку, так зазыўна клікала да сябе свежае вясновае неба, аж вусцішна рабілася.
Ужо не першую ноч не спалася Усяславу ў велікакняжацкім палацы. Са свечкаю ў руках павольна хадзіў ён са святліцы ў святліцу, з пакоя ў пакой і думаў, думаў... Ён зразумеў, што ў Кіеве яму не ўтрымацца. Ўсе былі супраць яго: Ізяслаў і ляхі, баяры і святары, подаўцы і хрысціяне, смерды і паганцы. Яго нават дзівіла, што так шмат завялося ворагаў, як блох у бяздомнага сабакі. Здаецца ж, усё рабіў, каб залячыць болькі стольнага Кіева і кіян: жыта раздаваў з велікакняжацкіх жытніц, прагнаў цівуноў-ліхаімцаў і ўстанавіў княжы суд, выкупіў у Корсуні ў рамеяў сем тысяч палонных русічаў, даў палёгку паганцам-пяруннікам, каб прымірыць іх з хрысціянамі. Старанна склейваў, збіраў па дробнаму кавалачку шкляны сасуд, але толькі на імгненне адрывалася ад сасуда рука, і ён адразу ж рассыпаўся ў друз.
Дрэнныя весткі прывозілі здарожанью ганцы з Ноўгарада і Пераяслава. Барыс у Ноўгарадзе так і не змог паладзіць з вечам, з баярамі. Выгналі яго з дзяцінца, ён сеў у Гарадзішчы на Волхаве і кожны дзень канчаў тым, што п'яным вокам глядзеў на апусцелае дно чарговай амфары з рамейскім віном. Пасаднік Раман у Пераяславе сцугляў горад жалезнай рукой, але няспынна, не даючы ні дня перадыху, ціснуць са стэпаў полаўцы, і ўжо данеслі верныя людзі — параніла пасадніка ў выю палавецкая страла.
Калі яшчэ ляжаў у стэпе тоўсты шчыльны снег, Усяслаў паставіў палову сваёй дружыны і варагаў Торда на лыжы, сам злез з каня і таксама стаў на лыжы і гэтай сілаю нечакана ўдарыў па вежах Шарукана. Шмат пярэпалаху нарабілі, шмат узялі дарагіх апонаў, жэмчугу і срэбра, вялікі палон прыгналі ў Кіеў, але хрыбетнік хану так і не зламалі.
Патаемна ад усіх прыходзіў ноччу ў велікакняжацкі палац рамей Тарханіёт. Зноў клікаў русічаў на вайну з сельджукамі, абяцаючы залатыя горы, але Усяслаў адмовіўся, цвёрда сказаў, што свой меч і сваё кап'ё за край зямлі кіеўскай не панясе. Праглынуў ліслівы рамей крыўду, пакінуў вялікаму князю срэбную чашу з мілісарыямі, а назаўтра прыслаў да велікакняжацкага стала заморскіх салодкіх пладоў, у якіх кожнае зярнятка бачылася ўсярэдзіне, бо былі нібы шкляныя. Не ўтрываў кухарчук-малалетак, адкусіў кавалачак і са страшным хрыпеннем зваліўся на паддогу, твар пачарнеў, як сажа. Даў загад Усяслаў знайсці крывавага таця і, злупіўшы з яго ўсю скуру, кінуць у дзяжу з соллю, але Тарханіёт, як скрозь зямлю праваліўся. Замест яго прывалаклі грыдні тоўстага безвалосага і безгалосага чалавечка, з тых, што за попрышча абыходзяць жанчын. Чалавечак назваўся Арсеніем, упаў на калені перад Усяславам, і мокрыя тоўстыя губы запоўзалі па князевай руцэ. Усяслаў з агідаю вырваў з ягоных рук сваю руку, загадаў грыдням біць рамея кіямі, а потым выпусціць — хай ідзе куды хоча.
I яшчэ адзін дужа нечаканы госць аб'явіўся ў Кіеве. Нунцый [Нунцый — дыпламатычны прадстаўнік, пасол Рымскага Папы] Папы Рымскага Грыгорыя. Быў ён прыгожы, высокі, трымаў у смуглых руках ружанец, пацеркі для якога былі вытачаны з костачак маслінаў, а прывезлі тьы масліны паломнікі са святой Палесціны. Ехаў нунцый у Кіеў праз ляшскую зямлю, бачыў у Кракаве рашучага Ізяслава. У былога вялікага князя, відно па ўсім, скончылася, прайшла зімовая спячка, і ён збіраў палкі, склікаў наёмнікаў, каб рушыць на Русь, як толькі падсохнуць дарогі. «Вада закіпіць у крыніцах, як я прыйду», — гразіўся, па словах нунцыя, Ізяслаў.
— Я не палахлівы, — сказаў, частуючы госця, Усяслаў. — Поле і меч вырашаць, хто з нас вялікі князь. А за каго вы, фразі ? [Фразі — так называлі на старадаўняй Русі італьянцаў]
Ад адказу на такое пытанне прыгожы нунцый увільнуў, прамовіў, сціпла ўзняўшы ўгору вочы:
— Самью спелыя яблыкі застаюцца птушкам. Яны іх раздзёўбваюць, і салодкі сок цячэ на зямлю.
Ён чорнымі вільготна-яркімі вачамі паглядзеў на Усяслава.
— Я — кіслы яблык, — усміхнуўшыся, сказаў Усяслаў. — Нават горкі. I ведаеш, святы ойча, чаму? Зямля, якая мяне нарадзіла, дала мне такі смак.
— Суровая зямля, — нахмурыўся нунцый.
— Суровая, — згадзіўся Усяслаў. — Але добрая. Добрая, як маці, што калісьці спявала калыханку. Дык за каго ж станеце вы, фразі?
— Я не буду падманваць, вялікі князь, — успыхнуў нунцый. — Мы станем за караля ляхаў Баляслава і за ягонага саюзніка Ізяслава. Чаму? Таму што ляхі — верныя дзеці рымскай апостальскай царквы, а Кіеў, як і твой Полацк, вялікі князь, паверыў вучэнню візантыйскіх ілжэпастыраў. Шкада, што папа Леў Дзевяты аказаўся дрэнным стырнавым, дазволіў разламацца на дзве часткі хрысціянскаму караблю.
Ён пільна паглядзеў у вочы Усяславу.
— Ды мы ў Рыме чулі, што ты, вялікі князь, шукаеш сваю веру. Не візантыйскую, не рымскую, а сваю. Праўда гэта?
— Доўгія ж вушы ў Рыма, — суха ўсміхнуўся Усяслаў. — Аж да Кіева дацягауліся.
— Калі гэта так, — вёў сваё нунцый, — пакайся ў смяротных грахах, дзённа і ношчна малі Хрыста, каб дараваў табе. Усё ў гэтым і ў нябесным жыцці вызначана раз і назаўсёды.
— Але прыйшоў Магамет і не перад Хрыстом укленчыў, а ў аравійскіх пясках знайшоў свайго алаха, — сказаў Усяслаў.
— Ілжэвучэнне, — шырока перахрысціўся нунцый. — Ілжэвучэнне. Ды не будзем пра гэта. Святыя рымскія кардыналы, а я верны іхні служка, загадалі сказаць табе, што са сваёй вышыні яны бачаць не толькі Баляслава Ляшскага, але і Усяслава Кіеўскага і Полацкага. Прывяжы Кіеў да рымскай калясніцы і з рук самога Папы, намесніка Бога на зямлі, атрымаеш каралеўскую карону.
Нунцый устаў з-за стала. Устаў і вялікі князь.
— Што ж перадаць святому прастолу? — то бляднеў, то чырванеў нунцый.
— Юеў не конь — яго не прывяжаш, — сказаў Усяслаў.
Вочы ў нунцыя звузіліся.
— Memento mori, князь. Помні аб смерці.
— Memento vivere. Помні, што жывеш, — ціха, але цвёрда прамовіў Усяслаў.
Нунцый адразу ж паехаў з Кіева. Зноў быў усмешлівы, прыгожы. На развітанне Усяслаў падараваў яму тры вазы воску. На светла-жоўтых камянях было напісана: «Се тавар Божы».
Сплываў лёд у мора. Крыгі несліся па Дняпры і знікалі, як іх не было. Трывожны вецер гладзіў зямлю. 3 пупышак на дрэвах дзе-нідзе выломваліся зялёныя кіпцюрыкі лісцяў Самыя смелыя птушкі даўно ўжо праляцелі на поўнач. «Дзе буслы? — непакоіўся Усяслаў і ўсё часцей глядзеў на неба. — Яны прылятаюць, калі ўскрываюцца Дзвіна з Палатой. Значыць, у Полацку яшчэ лёд і снег». Яму раптам падумалася, што жорсткая бура ў гэты самы час выломвае буслам крылы над морам, кідае птушак на вострыя камяні, у кіпучыя хвалі. Ён аж заплюшчыў вочы.
Віжы-саглядатаі данеслі, што Баляслаў з Ізяславам, ведучы вялікую сілу, ужо ступілі цвёрдай нагою на кіеўскую зямлю. 3 імі ідзе Ізяславаў сын Мсціслаў, той, што сядзеў у Полацку. Гэтую вестку сустрэў Усяслаў з палёгкаюл з патаемнай радасцю. Нарэшце ўсё вырашыцца. Ён адчуваў, што ягоная княжая ўлада ў Кіеве меншыцца і меншыцца. Так растае, меншыцца ў бурлівай вадзе крохкая вясновая крыга.
Кіяне сталі на веча. Усяслаў кланяўся ва ўсе бакі шумнагалосаму яраснаму людству, але казаў мала, слухаў, што кажуць іншыя. Дамовіліся на вечы збіраць гарадское апалчэнне, ісці ў Белгародскую крэпасць, што прыкрывала Кіеў з захаду, каб жалезам сустрэць там Ізяслава і ляхаў. Вялікі гнеў быў супраць Ізяслава — чужынцаў вядзе на родную зямлю, у сваю вотчыну.
3 Пераяслава з дружынай прыйшоў у Кіеў Раман. Выя, параненая палавецкай стралой, распухла, зрабілася, як бервяно. Ён не мог паварушыць галавою і, калі злазіў на велікакняжым двары з каня, калі павольна ўзыходзіў на сені, у вачах была пакута.
— Даруй, вялікі князь, што не магу табе пакланіцца. Выя, кадукяе бяры, не гнецца, — разгублена сказаў Усяславу.
Усяслаў абняў вернага дружынніка, усміхнуўся.
— Выя што? Была б разумная галава на шыі. А дзе твая жонка, маладая ды прыгожая?
— Халоп у Кацеры памёр, Сцяпан, з якім яна ад бацькі свайго ў Кіеў прыехала. На адпяванні Кацера.
Пра полаўцаў, пра стэп не гаварылі. Адзін вярэд для душы, дый толькі. Зноў гуртуе Шарукан стэпнякоў, пазірае са сваіх вежаў на ІСіеў, прымерваецца, з якога боку ўдарыць.
— Як ехалі сюды, чараду буслоў у небе бачылі, — раптам сказаў Раман. Чаму ён сказаў пра такое? Чаму ўспомніў пра буслоў, калі, здавалася, рушыліся неба і зямля. Усяслаў уздрыгнуў, пільна паглядзеў на дружынніка. Няўжо ў розных людзей бываюць аднолькавыя сны?
— На Рубон паляцелі, — прамовіў у радасным здзіўленні і ў нейкім трывожным одуме.
— На Рубон, — кіўнуў галавою Раман.
Абодва змоўклі, але адчулі і зразумелі тое, што хавалася за гэтай, здавалася б, выпадковай гаворкай, ляжала глыбей слоў.
Гарадское апалчэнне рушыла на Белгарад. Ішлі кіяне весела, шумна, падбадзёрваючы сябе крыкамі, свістам, грукатаннем паходных бубнаў. Толькі і чулася:
— Абрэжам Ізяславу бараду!
— Палонных ляхаў, як авечак, прыгонім на Падол!
Але, калі больш уважліва прыгледзецца, ваяўнічасці ў позірках было мала. Проста пахваляўся сусед перад суседам, Дзям'ян перад Іванам. Ішлі на сечу і не хацелі яе, бо цёпла, зелена было на зямлі, бо перад гэтым тлустым пшанічным бліном сустрэлі вясну і сонца, карагоды вадзілі, бярозу завівалі. Хіба можна было паміраць, калі травіца сакаўная лезла, пёрла з чарназёму, калі птушыны вэрхал быў на азёрах і балотах і велізарныя рыбіны, ап'янелыя ад кахання, кідалі ў празрыстыя прахалодныя рачныя струмені гарачую ікру?
Раманавы людзі і болыная частка велікакняжацкай дружыны таксама пайшлі ў Белгарад. Усяслаў амаль адзін застаўся ў апусцелым палацы. Толькі некалькі целаахоўнікаў, некалькі кухараў пакінуў каля сябе. Усю ноч гарэла акно ў ягонай святліцы. Шмат бы срэбра аддалі і кіеўскія баяры і віжы-лазутчыкі Ізяслава, якія ўжо аб'явіліся ў горадзе, каб даведацца, што робіцца за гэтым акном, і, пэўна б, здзівіліся, калі б убачылі, што вялікі князь у белай нацельнай каіпулі сядзіць за дубовым сталом і чытае старыя пергамены. Па дзве-тры сядміцы не вылазіў Усяслаў з паходнага сядла, меч не паспяваў адстуджваць, адшароўваць ад арожай крыві, а тут сядзеў мірны, лагоднавокі, уталопіўшыся ў казюкі-літары. Тыя бясконцыя літары паўзлі па бясконцых старонках чырвонай, карычневай або чорнай саранчою, і не было ім спыну. «Звар'яцеў пярэварацень», — радасна сказалі б ворагі, убачыўшы такое, і плюнулі б, і расцёрлі б нагою тое месца на пяску або паддозе, куды плюнулі.
Адной ноччу, асабліва трывожнай і вятрыстай, калі цяжка дыхаў неспакойны Дняпро, калі палац быў напоўнены густым змрокам, дзверы святліцы, у якой чытаў пергамены Усяслаў, раптоўна расчыніліся, і цераз парог рынуліся на князя тры чалавекі ў чорных плашчах, у мяшках з прарэзінамі для вачэй на галовах.
— Смерць ваўкалаку! — крыкнулі яны, узвіўшы мячы.
Усяслаў рэзка азірнуўся, убачыў, як з перарэзаным чырвоным горлам курчыцца на парозе рында-целаахоўнік. Смерць была побач. Усяслаў скокнуў на стол і ўдарам нагі ў падбароддзе сустрэў аднаго і адразу ж, не раздумваючы, другога таця. Яны рухнулі на падлогу. Трэці, што ўварваўся ў святліцу за імі, на нейкі міг замарудзіў секануць мячом. Усяслаў схапіў яго за горла, паклікаў варту. Усё ў ім трымцела. Ён глядзеў, як вяжуць рынды бічоўкамі начных налётчыкаў, і кулаком выціраў густы пот на бровах. Потым падышоў да аднаго, сарваў мяшок у яго з галавы і анямеў ад здзіўлення — чарнец Мяфодзій, былы сядзельнічы Ярун, стаяў перад ім.
— Лёгкі ж ты яшчэ на нагу, Ярун, — сеўшы за стол, сказаў Усяслаў. — У адзін скок ля майго загрыўка апынуўся. А вось рука падвяла, падвяла...
Рэзка звёў чорныя бровы, спытаў са злосцю:
— Чаму смерці маёй хочаш? Адказвай, шалудзівы пёс!
Мяфодзій маўчаў. Залівала шчокі бледнасць, галава хілілася на правы плячук. Нарэшце сказаў, павольна і разгублена, з цяжкасцю вымаўляючы словы:
— Не бярэ цябе смерць.
— Не бярэ, — згадзіўся Усяслаў. — А вось тваіх сябрукоў — я нават не ведаю, хто яны, — смерць возьме яіпчэ да ўзыходу сонца.
I загадаў рындам:
— Гэтых дваіх цягніце ў катавальню. Дапытаць, не шкадуючы агню і жалеза, і адцяць галовы.
Адзін з налётчыкаў адразу ж закрычаў Мяфодзію:
— Ратуй нас! Ты ж кляўся на крыжы, што твая белая кроў абароніць ад княжых вояў. Ратуй!
— Карай і мяне, — глуха сказаў князю Мяфодзій.
— Святым пакутнікам хочаш стаць? — пранізліва глянуў на свайго былога настаўніка Усяслаў. — Занадта вялікі гонар. Памрэш, як мітульга, начны матылёк, і следу ад цябе не застанецца.
— Ваўкалак, — завыў у смяротнай тузе Мяфодзій. — Памру я, але памрэш і ты. Далёка бачу я, далёка. Агні хрысціянства гараць на зямлі, святая вера ўваходзіць у кожную душу, а вы, нікчэмныя паганцы, начныя совы, канаеце ў пушчах і балотах.
Пры гэтых ягоных словах Усяслаў раптам звонка засмяяўся. Потым упрытык падышоў да Мяфодзія, сказаў:
— Не веру ніводнай тваёй слязе і ніводнаму твайму слову. Ты мяняеш веры, як заяц узімку мяняе поўсць, як птушкі мяняюць пяро. Я прыдумаў табе кару страшнейшую, чым гарачае жалеза і ледзяная вада. Цябе павязуць у Полацк — памятаеш яшчэ наш Полацк? Цябе прывязуць на возера Валовае. Там ёсць капішча. На капішчы — Пярун. Яго дасталі з вады, з глею. Ты будзеш маліцца Перуну, богу тваіх продкаў.
— Не! — закрычаў Мяфодзій. — Не!
— Ты будзеш маліцца, — ціха сказаў Усяслаў. — Табе дадуць хлеб і мяса, дадуць — колькі з'ясі. Ты ж любіш смачна паесці, я ведаю. Я не мог памірыць Хрыста з Перуном, бо нельга вярнуць маланку, якая асвятляе ўчарашняе неба. Іх памірыш ты. Памірыш сваёй малітваю.
— Не! — зноў закрычаў Мяфодзій.
— У цябе будзе для гэтага шмат дзён і вельмі многа хлеба і мяса.
— Ваўкалак, — у бяссільным гневе прашаптаў пабялелы Мяфодзій, але ён болей не існаваў для Усяслава.
— Сядлайце коней, — загадаў вялікі князь. — Я еду ў Белгарад, еду да сваёй дружыны.
Ён імчаўся праз ноч, праз маўклівую сінюю цемру. Чалавек дваццаць вершнікаў імчаліся за ім. Вецер змёў з неба хмары, і адкрылася бясконцае блакітнае поле з безліччу зорак — залатых нязгасных вачэй. Неба глядзела ўніз, глядзела на прыціхлую зямлю, на морак глухіх лясоў, на чорныя люстраныя азёры, на бяздонныя балоты, на пясчаныя выспы, што тырчалі між гэтых балотаў. Усюды панаваў сон. Ён заплюшчваў вочы, затыкаў вушы, расслабляў рукі, і цяжкі меч валіўся з учэпістай жорсткай далоні на траву, у якой спалі чмялі і казюркі. Сэрца чалавека і сэрца звера ў абдымках усемагутнай ночы рабіліся цёплым слабым камячком, які нямоцнымі штуршкамі гнаў па жылах кроў. Спаў чалавек. Спаў мозг — князь цела, але жахлівымі прывідамі поўніўся гэты сон. I чалавек пачынаў крычаць, стагнаць, лэпаў рукою наўкол сябе, шукаючы меч або кап'ё. «Куды імчацца гэтыя вершнікі? — думала неба, гледзячы на Усяслава і ягоных людзей. — Няўжо для сваёй мурашынай мітусні ім не хапае дня? Няўжо ёсць нешта лепшае, чым сон, спачатку зямны, часовы і кароткі, а потым вечны?»
Усяслаў імчаўся праз вецер. Ён з малалецтва любіў яго, любіў нябачнага крылатага асілка, які празрыстым халодным кулаком так можа стукнуць у грудзі, што займае дых.
Войска палачан стаяла асобна ад гарадскога апалчэння, каля сцен Белгарада. Раман загадаў абнесці месца стаянкі плятнём, увабіць вострыя коллі. Квола гарэлі змарнелыя за ноч вогаішчы. Раман не спаў, прытрымаў стрэмя вялікаму князю, калі той саскокваў з каня на зямлю.
— Будзі ўсіх, — сказаў Усяслаў. Неўзабаве агромністая маса людзей, пацепваючыся ад ранішняй свежасці, гатова была слухаць вялікага князя. Ціхенька ржалі коні. Датлявалі вогнішчы.
— Я даўно хацеў пагаварыць з вамі, воі мае, — моцным голасам выгукнуў Усяслаў, і яго пачулі ўсе ад першага найлепшага дружынніка да апошняга замурзанага канявода. — Заўтра ці паслязаўтра тут будуць Ізяслаў з ляхам Баляславам. Пацячэ кроў. Хруснуць шчыты. Пакоцяцца галовы. Заўсёды шукаў я гарачую сечу, але гэтай сечы не хачу.
Ён паглядзеў на неба, і ўсе паглядзелі следам заім.
— Птушкі ляцяць у свае гнёзды. Рэкі ўваходзяць у берагі, — пасля маўчання, якое здалося занадта доўгім, зноў загаварыў Усяслаў. — Падумайце, што лепш: Радзіма або ўлада? Падумайце, якой сцяжынаю пайсці: праліваць не чужую нам кроў або вярнуцца на Палату і Свіслач, абняць жонку з дзецьмі? Я не хачу сечы таму, што мы паб'ём адзін аднаго, Ізяслаў і я, а па нашых касцях у Кіеў увойдзе хан Шарукан. Воі мае! Вам уручаю сваю славу і свой лёс. Хай будзе так: я зараз да кожнага падыду, кожнаму гляну ў вочы і кожны з вас скажа мне толькі адно слова «Кіеў», калі хоча застацца, і слова «Рубон», калі не хоча бітвы, а жадае вярнуцца дамоў.
Усхваляваны гуд пакаціўся між воямі. Так прачынаецца перад навальніцаю густы непарушны лес. Усяслаў пачаў абыход войска.
— Рубон! — ляцела яму насустрач.
— Рубон!
— Рубон!
Ён падышоў да Ядрэйкі.
— Рубон, — хуценька сказаў рыбалоў і не быў бы Ядрэйкам, каб не дадаў: — Чым за морам мёд піць, лепш са Свіслачы вадзіцу. Пабяжым, князь, дадому. Чаго табе не хапае? У іх — Дняпро. У цябе — Дзвіна. У іх — Сафія. I ў цябе — Сафія.
Усяслаў усміхнуўся гаваркому рыбалову, а Раман пагразіў Ядрэйку кулаком.
Толькі некалькі чалавек сказалі: «Кіеў». Усяслаў пакланіўся войску, прамовіў дрогкім голасам:
— Я ведаў ваш адказ. Шмат бітваў чакае нас наперадзе, і мы не баімся іх, але заўтрашняй бітвы не будзе. Падайце мне мой меч!
Два грыдні-збраяносцы хуценька прынеслі, адтарочыўшы ад зменнага князевага каня, доўгі прамы меч. Усяслаў пацалаваў яго, узвіў над галавой.
— Клянуся імем, якое нашу, — заўсёды і ўсюды думаў я пра Полацкую зямлю, пра Дзвіну і Друць, пра Ушачу і Свіслач. Калі яшчэ нашы дзяды-прадзеды сысункамі папярок лаўкі ляжалі, вялікую славу мела наша зямля і заўсёды будзе яе мець. Недарма сядзелі мы ў Кіеве — свой родны Полацк мацавалі. Пакланіцеся ж гэтаму мячу, які павядзе нас дадому!
I адбылося пакланенне мячу. Тысячы людзей апусціліся на калені.
Потым князь загадаў паклікаць двух кіян, якія прыйшлі да сябрукоў ды так і заначавалі пасля добрага пачастунку ў палачан, аддаў ім загадзя падрыхтаваны пергамен, строга наказаўшы:
— Заўтра ж занясіце яго мужам-кіянам.
«Мужы-кіяне, — было напісана ў пергамене, — дзякуй вам, што сыноў маіх і мяне выбавілі на белы свет з цёмнага поруба. Да скону буду памятаць пра гэта. Не хачу крыві і бягу ў Полацк. Люблю Кіеў, але Полацк люблю болей».
Адразу ж войска рушыла на поўнач. Сіняя цемра праглынула ўсіх.
— Конь дадому бяжыць хутчэй, — весела сказау Ядрэйка, ды ніхто не азваўся на ягоны голас. Ішлі І ехалі моўчкі, пільна ўзіраючыся ў туманную імглу. Хто думаў пра маці, хто пра жонку, хто ўсшшшаў тонкую дзіцячую руку, якая ляжала калісьці на ягоным плячы..

 

Колькасць прачытаўшых: 2396
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:
Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
Стварэнне сайта - ArtisMedia
© Леанiд Дайнека, 2007