Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Свой агеньчык

17 студзеня спаўняецца 70 гадоў Міколу Дубоўскаму, самабытнаму празаіку, чалавеку-эрудыту, Галоўнаму Кнігааматару , як жартаўліва называлі і называем мы яго. Сёння кніжны рынак нашай краіны насычаны і перанасычаны, усё запаланілі яркія вокладкі і цьмяныя думкі, і нават цяжка ўявіць сабе той адносна недалёкі час, калі быў "кніжны голад", калі мы "палявалі" на добрую кнігу. О, тыя магічныя словы! "Аб"яўляецца падпіска на акадэмічны збор твораў Антона Чэхава!" "У продаж паступіў Булгакаў - "Мастер и Маргарита"! " Прадаецца "Чорны замак Альшанскі" Уладзіміра Караткевіча!" Толькі такі "наркотык" абагаўлялі і прызнавалі мы!
І вось на гэтых легендарных "кніжных сцяжынках" лёс звёў мяне з Міколам Аляксандравічам. Абаяльны, усмешлівы, заўсёды добразычлівы і разумны, вельмі разумны. Я люблю разумных людзей, і таму пасябраваў з ім. Было шмат сустрэч, размоў, спрэчак... "У кожнага павінен быць свой агеньчык", - запомніў я словы Міколы Дубоўскага.
А потым у газетах, часопісах, выдавецтвах пачалі друкавацца ягоныя апавяданні, аповесці, кніжкі. "Шапэн", "Першая прыступка", "Грымотнае ранне", "Куніца"... На аповесць "Грымотнае ранне" я пісаў рэцэнзію для выдавецтва "Юнацтва". Чым мяне, чытача, бяруць творы Дубоўскага? Жыццёвасцю калізій, вострым сюжэтам, нечаканасцю, якая - як рэзкая ўспышка ліхтарыка ў чарнаце ночы. Усе ягоныя творы пра вайну, рэгіён дзення - Заходняя Беларусь. Я назваў бы яго, вядома ж, з пэўнай карэктыроўкай у маштабах, беларускім Багамолавым. Памятаеце - "У жніўні сорак чацвёртага"?
Вельмі цікавае і няпростае жыццё за плячыма ў юбіляра. 1-га верасня 1939 года , калі першыя фашысцкія бомбы ўпалі на Варшаву, ён пайшоў у першы клас школы ў сваёй роднай вёсцы Самойлавічы, што на Брэстчыне. Унікальнасць самойлавіцкай школы ў тым, што за чатыры гады вучобы ў ёй ( дзесяцігодку Дубоўскі скончыў у суседняй Бярозе ) яна папераменна была польскай, украінскай, беларускай... У гэтым факце, як у суровым бязлітасным люстэрку, увесь наш беларускі лёс.
Скончыўшы Брэсцкі педагагічны інстытут імя Пушкіна па спецыяльнасці "выкладчык беларускай мовы і літаратуры", Мікола Дубоўскі настаўнічаў на Браслаўшчыне, працаваў у Брэсцкай абласной газеце "Зара", у "Чырвонай Змене". А з 1959 года ён, як я ўжо казаў, Галоўны Кнігааматар, а, калі сур"ёзна, інспектар, а затым старшы інспектар Рэспубліканскага "Белсаюздруку". І на гэтай пасадзе - аж да пенсіі.
Ён любіць Кнігу. Ён ведае Кнігу. Ён сам піша кніжкі.
Мой мудры і добры сябра, няхай яшчэ доўга кліча цябе ўперад твой агеньчык...

 

Колькасць прачытаўшых: 3049
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:
Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
Стварэнне сайта - ArtisMedia
© Леанiд Дайнека, 2007