(З вядомым паэтам і празаікам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, Літаратурнай прэміі імя І. Мележа Леанідам Дайнекам размаўляе Вольга Шынкарэнка).
В.Ш.Агульнавядома, што ва ўсе эпохі творцу найперш хвалявала не толькі ўласнае даўгалецце, шчаслівы асабісты лёс, колькі лёс яго наробкаў, працяглае - у ідэале набліжанае да вечнасці - іх захаванне ў часе. Іншым словам, размова ідзе пра мастакоўскае ўвекавечванне сябе праз справу розуму ці рук сваіх. На Вашу думку, асбалютным гарантам слова - песні, з'яўляецца яго шчырая натуральнасць, жыццёвая вынашанасць і непрыдуманасць. Ёсць у Вас і свая тэорыя летазлічэння, паводле якой "любоўю, аддадзенай свету, / узрост вымяраюць паэты" (зб. "Вечнае імгненне", с. 33). Калі гэта сапраўды так, то колькі Вам год, паважаны ўзнаўляльнік трывог сівых вякоў, што сам сябе назваў і прадставіў наступным чынам: "Маўчун. Фантазёр. Беларус" (зб. "Мая вясна саракавая", ст. 120)?
Л.Д. Мне шмат гадоў. "Я - прапрадзед самога сябя", як пісаў я ў адной са сваіх паэм. А ўвогуле Часу і нават Смерці не трэба баяцца. Бог, мая сям'я, мая душа і маё цела, вось і ўсё, што ёсць у мяне на гэтай Зямлі. Астатняе, як пашанцуе, як усміхнецца фартуна, як здолееш уладкаваць свой лёс. І не трэба быць маральным шахцёрам, гэта значыць, не трэба займацца пастаянным самакапаннем ва ўласнай душы.
Не філасофствуй багата Жыццё грубей і прасцей. Жыццё - пастаянная страта Зубоў, валасоў і надзей.
Гэтак жа сама - шчасце. Што такое шчасце? Грошы? Кар'ера? Творчы аўтарытэт? Закаханыя позіркі прыгожых жанчын? Асабіста я быў шчаслівы напоўніцу, кожным атамам сваёй душы і цела каля пуці (так у нас завецца чыгунка), калі хадзіў у падасінавікі, калі лапатаў у нізкарослым, агністым ад восеньскага лісця асінніку і бярэзніку дождж. Там расла ярка-зялёная радасная трава. Там было шчасце. Усё, нажаль, канчаецца магілай, або урнай з чалавечым прахам у сцяне калумбарыя. "Усе людзі смяротныя. Сакрат - чалавек. Значыць, Сакрат - смяротны." Вось і ўся, ці амаль уся філасофія. Рэгіянальныя і агульначалавечыя рэлігіі стварыў страх Смерці. Заўважце, што ўсе рэлігіі стварылі адносна маладыя людзі. Хрыстос нёс сваё вучэнне, сваё слова людзям да 33-гадовага ўзросту. Думаю, у 73 гады ён не пайшоў бы ў сваю вандроўку з апосталамі. У такім узросце ўжо не баяцца смерці. Кітайцы ж аб'яўлялі самымі вялікімі мудрацамі - доўгажыхароў. Вось і разумей, як хочаш. Асабіста я хацеў бы жыць доўга. Што тычыцца жыцця маіх твораў… Гэта мяне абсалютна не хвалюе. Я выпусціў птушку з-пад пяра ў белы свет. Няхай ляціць. Усё болей пераконваюся, што мы ў недалёкім мінулым занадта ўзвялічвалі агульнаграмадскае значэнне літаратуры, майстравалі ёй даўжэзныя катурны. Такіх катурнаў заслугоўваюць хіба толькі Біблія, Каран, Талмуд…
В.Ш. З прыватнай размовы з Вашым добрым анёлам Зінаідай Міхайлаўнай, мілай жанчынай і маці па-еўрапейску шырока адукаваных і інтэлігентных трох сыноў, даведалася, якой паэтычнай, тонкай у вычуванні роднага слова, яго інтанацыйна-меладычнага малюнка, народна-песеннага рытму і рыфмы была Ваша маці, незабыўная Тэкля Іванаўна. І тады зусім у іншым ракурсе ўбачылася яе светлае аблічча на покуце ў Вашым кабінеце, скразная прысутнасць дарагога сэрцу вобраза ў жыцці, вялікай колькасці вершаў, паэме "Святло тваіх далёкіх вокнаў", тэматычна і драматычна-настраёва сугучных ліра-эпічным творам Н.Мацяш, А. Вярцінскага, В. Зуёнка і інш. Радок "Я чую з неба вечны голас маці…" (ЛіМ. 2000. 28 студз.) ужо з верша, што ўвайшоў у адну з апошніх, апублікаваных у перыёдыцы, паэтычных нізак. Скажыце, наколькі істотная, у якой ступені вызначальная сіла прыцягнення родных вытокаў, бацькоўскага і мацярынскага пачаткаў для фарміравання і сталення творчай асобы Леаніда Дайнекі?
Л.Д. Маці і бацька называлі мяне толькі Лёнікам. Ніколі - Лявон, Лёня… Толькі Лёнік. Я, як і ўсе людзі, не выбіраў бацькоў. Іх, добрых, клапатлівых, мудрых, даў мне Бог. Вялікі дзякуй Богу за гэта. Што тычыцца, як Вы кажаце, "прыцягнення родных вытокаў"…
Я мог бы быць нядрэнным немцам, Я скандынавам мог бы быць, Ды ў летні вечар за вакенцам Мне беларускі лес шуміць.
Мяне ніколі не гнялі (кажу чэсна) думкі чыну: "Ах, чаму я не амерыканец? Не паляк? Не рускі?" Бог выпусціў мяне ў гэты шумлівы свет беларусам, а па светаўспрыйманню я індаеўрапеец. Ёсць такая вялікая чалавечая раса. А, наогул, "жыць хачу я ў маленькай краіне, але быць пры вялікай зарплаце". З самага ранняга дзяцінства (як сябе помню) люблю ззянне начных зорак над чорнымі лясамі, студзеньскія беларускія адлігі, хруст снегу пад санным полазам. Люблю ўсё зямное і наш зямны народ. Быў такі вучоны - Парацэльс. Нарадзіўся ў 1493 годзе. Адзіны сын у бацькі, хіміка і ўрача на горных распацоўках Карынтыі (у той час нямецкая частка Швейцарыі). Дык вось гэты самы Парацэльс, які пражыў 48 гадоў, напісаў у сваім дзённіку: "Я ведаю - я не з тых, што кажуць людзям да іх спадобы. Я грубы чалавек, народжаны ў грубай краіне. Я вырас у сасновых лясах і, магчыма, атрымаў у наследдзе іхнія іголкі". Падобныя іголкі, толькі беларускія, я адчуваю ў сваёй душы. Трэба любіць сваю зямлю. Гэта - аксіёма. А ў нашай беларускай канкрэтыцы сёння неабходна па-мужчынску пазбаўляцца ад слязлівага пессімізму, ад адчування катастрафічнасці. Ёсць суверэнная дзяржава, на гербе якой беларускаю моваю выдрукавана "Рэспубліка Беларусь". Як пісаў калісь паэт Уладзімір Жылка "На мапу Еўропы ступіў беларус". Сухім кулаком пратрэм мокрыя вочы, глянем вакол сябе. З еўрапейскіх народаў не маюць сваёй дзяржаўнасці баскі, брэтонцы, каталанцы, шатландцы, валійцы, карсіканцы, галісійцы, саамы, лужыцкія сербы… У Швейцарыі чатыры (!) дзяржаўныя мовы, у Люксембургу і Андоры - тры, дзве - у Ірландыі, Бельгіі, Фінляндыі, Мальты. Аўстрыя і Ліхтэнштэйн за дзяржаўную мову маюць не сваю, аўстрыйскую ці ліхтэнштэйнскую, а - нямецкую. Мова - наш інструмент і наша душа. Гэтым усё сказана. Моўнае пытанне - тонкае, далікатнае. Часам лепш памаўчаць і паслухаць "Песняроў" (Тых! З сямідзесятых!) А то атрымліваецца парадокс - пра беларускую мову ў нас гавораць больш, чым гавораць (размаўляюць) на ёй. Думаецца мне, што яна не памрэ. А калі і згасне гадоў праз трыста-чатырыста, саступіўшы месца нейкай агульнаеўрапейскай мове, то разам са сваёй сястрой - рускай моваю. Усё нявечнае. Дзе сёння залатая латынь, гордая мова Цэзара і Цыцэрона, Вергілія і Гарацыя? Толькі на аптэчных рэцэптах ды ў юрыдычных слоўніках. "Нішто нявечнае". Запомнім гэтыя суровыя словы.
В.Ш. З аднаго боку, Ваша слова ціхае, роснае, народжанае назіраннем хараства нерукатворнага свету і нямым здзіўленнем перад яго дасканаласцю. Тут пануюць "сузор'і кветак і сугуччы слоў", захапленне перад першабытна-дзікай красой дзіўнага ляснога кутка, перад магутным борам, гэтай сталіцай птушак і расы. (Такое абагаўленне прыроды ў айчыннай сучаснай паэзіі было ўласціва, бадай, толькі жывапісцу і філосафу Анатолю Вялюгіну). А з другога, калі быць дакладным ва ўзнаўленні размаітай вобразнай сістэмы Вашых твораў, у іх шмат трывожнага, гулка-выбуховага. Самі за сябе гавораць маланкі, гром, крыгалом, шум раз'юшаных стыхій, барацьба старой і новай цывілізацый, зорныя войны…
Туга і жах - глядзець на снег І ведаць жылкай кожнай: "Калі быў Першы чалавек, Дык будзе і Апошні…" (ЛіМ. 2000. 28 студз.)
Такое сутыкненне супрацьлегласцей, паяднанасць у творчасці паняццяў супярэчлівых ці цалкам кантрастных - толькі адзнака ўласнага светаадчування або натуральны вынік цяжару роздумаў, назіранняў "у будзённым небе рэчаіснасці"?
Л.Д. Мы жывем у эпоху "вялікіх змен", чаго так баяліся мудрыя старадаўнія кітайцы. Вера ідзе на веру, народ на народ… Пэўна з такой жа ярасцю і няўмольнасцю налазілі адна на адну, жорстка сутыкаліся між сабою базальтавыя пліты прамацерыкоў у час геалагічнага дзяцінства планеты Зямля.
Сёння ноччу я спаць не буду. Сёння плачуць Хрыстос і Алах. Сёння (чуў) узарвалі Буду У далёкіх афганскіх гарах.
Гэтыя радкі я напісаў адзіным эмацыянальным усплёскам, своесаблівым духоўным выбухам, калі даведаўся аб крывавых падзеях у Афганістане. А незадоўга ж перад гэтым гулліва і, як мне здавалася, надзіва дасціпна, рыфмаваў:
А калі б, калі б К нам прыйшоў таліб, Пад чадру ўсіх баб Мы загнаць маглі б.
Дарэчы, слова "таліб" азначае "вучань", "студэнт". Вось такія бываюць і ёсць студэнты. Зноў жа - антыглабалісты. Маладыя людзі, хлопчыкі і дзяўчаткі, з акуратненькімі рэчмяшкамі за спіной (што, дарэчы, напакавана ў тыя акуратненькія яркія рэчмяшкі?) раз'язджаюць па ўсім Свеце, б'юць вітрыны, пераварачваюць аўтамабілі, б'юць да крыві паліцыянтаў, самі гінуць… Хто дае ім грошы, мабільныя тэлефоны? Адкуль такая злосць? Усё замешана на нейкіх незразумелых інстынктах, разбаўлена крывёй і нафтай. Што рабіць пісьменніку? Што браць яму? Аўтамат? Рэчмяшок? Шарыкавую ручку ці кампутар? Лічу (гэта маё глыбокае перакананне), што творчыя людзі не павінны ісці ў палітыку. Няхай навучыць нас крывавы лёс Цішкі, Гартнага, Маякоўскага і соцень іншых. Творцы (хай прабачыць Піліп Пестрак) не павінны сустракацца на барыкадах. Цяжкі пісьменніцкі хлеб. Горкі. Вельмі горкі. Але, як сказаў Кузьма Чорны: "Пакуль жыву, дзяўбу пяром камень!". І, значыць, працаваць, пісаць трэба. Зноў жа цытую самога сябе:
Хто рус, хто рыж - Нясі свой крыж. Здаровы ці хворы - Пішы свае творы.
А Час усё прасее праз густое-густое сіта, усё раскладзе па паліцах.
В.Ш. Пасля першага празаічнага зборніка "Бацькава крыніца" (1976), што яшчэ больш падкрэсліў лірызм Вашага светабачання, у далейшых пошуках больш буйных эпічных форм Вы трывала замацавалі і выразна акрэслілі абсягі сваіх творчых інтарэсаў на распрацоўцы зляжалых пластоў далёкай мінуўшчыны перыяду Полацкага княства, складаных часоў фарміравання ВКЛ. Князі Вячка і Уладзімір, Усяслаў Чарадзей, Міндоўг з вядомых трох гістарычных раманаў догі час займалі Вашу ўвагу, прысутнічалі і дзякуючы эфекту ўдалага мастацкага ўвасаблення працягваюць прысутнічаць у сённяшнім жыцці. А хто з тых мінулых эпох, што ва ўсіх на слыху ці малавядомых, вялікіх ці не, але якія заўжды "адганялі стому і страх", "хацелі, як лепш", працягваюць хваляваць Ваша творчае ўяўленне, просяцца ў новы раман, каб запаланіць яго прастору, стаць галоўным ці адным з многіх герояў?
Л.Д. З узростам, асабліва ў наш інтэрнэтны, тэлевізійны, "мыльна-оперны", але ніяк не літаратурны час, усё цяжэй і цяжэй брацца за пісанне. Нават думка аб тым, што трэба нешта напісаць, выклікае ўнутраны пратэст, нават (паверце) нянавісць да самога сябе і сваёй няшчаснай планіды. Жыццё кароткае, людзі жывуць, смяюцца, п'юць чырвонае віно, глядзяць футбол, а ты павінен нешта пісаць, ты - фабрыка па выпрацоўцы слоў, сказаў і г.д. Што за насланнё? Дзеля чаго такая катарга? Але супакоішся, зграбеш у кучу свае паперы, успомніш словы вялікага Анатоля Сербантовіча "… тое, што я напішу, ніхто больш не напіша" і - пачынаеш. Вядома, у стылі Марынінай, Акуніна або нашага Адама Глобуса (усе цудоўныя творцы!) я не пісаў і пісаць, вядома ж, не буду. Цягне мяне ў беларускае сярэдневечча.
Дарога месячным бляскам залітая. Быў на зямлі нашых продкаў Час. Вялікае Княства і Рэч Паспалітая, Мы помнім пра вас, не забудзем вас.
Помнім Сапегу, помнім Баторыя. Чуем з нябёсаў гарматны гром. Жалезнымі крыллямі звоніць Гісторыя, У сэрца арліным б'е кіпцюром.
З радасцю даведаўся, што ў Мінску ўзнаўляюць гарадскую ратушу. А гэта ж - Магдэбургскае права, Ганзейскі саюз… Хочацца згубіцца ў старадаўніх вузкіх гарадскіх вулках, змяшацца з гаманкім натоўпам жыхароў тагачаснага места Менск.
Людзі Горада, Людзі Места, Я люблю вас, мяшчане мае!
В.Ш. Цалкам згаджаюся з Навумам Гальпяровічам у тым, што "нейкая выбуховая ўнутраная сіла заўсёды прымушае Дайнеку рабіць крутыя віражы ў лёсе, творчасці" (ЛіМ. 2000. 28 студз.) Дазволю сабе крыху канкрэтызаваць гэтае слушнае меркаванне. Для многіх у свой час стала сенсацыйным з'яўленне Вашага рамана "Чалавек з брыльянтавым сэрцам" (1994), які б не хацелася адназначна прадстаўляць творам толькі фантастычным. Вельмі ўжо адчувальны ў ім матыў гістарычнай повязі і ўзаемаабумоўленасці ўсіх часоў, выразна праяўляецца іранічнае стаўленне да многіх нядаўніх падзей і атрыбутаў так званай эпохі плюралізму. Разам з клопатам за захаванне і непарушнасць прыроднага свету ў рамане працягвае пульсаваць вядомы па ранейшых творах матыў нацыянальнай памяці, гучыць, кажучы Вашымі словамі, "неадольны чалавечы сум аб ідэале, аб вышэйшым прызначэнні людской расы" ("Чалавек з брыльянтавым сэрцам", с. 235). Хацелася б даведацца, які ён, Ваш ідэал?
Л.Д. "Убойнае", як прамаўляюць сучасныя тэлебосы, пытанне. Зараз я перачытваю дзённікі Льва Талстога, чалавека, які ўсё жыццё, з маладых гадоў да дня смерці на станцыі Астапава, шукаў ідэал і, як мне, чытачу, уяўляецца, не знайшоў яго. Я вяду паралельнае чытанне, г. зн. чытаю сёння 62-гадовага Льва Талстога (а гэта - другая палова 1890 года), бо мне - шэсцьдзесят два. Я параноўваю свае думкі і адчуванні з думкамі і адчуваннямі вялікага чалавека. У гэтым узросце Леў Талстой ужо пачынае пісаць "Е.Б.Ж." - "если буду жив", значыць, яго хвалюе, не можа не хваляваць наступленне старасці, а за ёю - і смерці. Пэўна, Ідэал у тым, каб дастойна завяршыць жыццё, дастойна сустрэць халодную непазбежнасць. 62-гадовы Талстой піша: "Еще думал, лежа в лесу и глядя на дальний лес и небо: не нужна мне, бесполезна мне красота природы, как и красота искусства… Теперь нужно нечто другое, не имеющее выражение в материальном мире и ищущее этого выражения вне его, там, за гробом". Можа гэта "нечто другое" і ёсць Ідэал? Але Талстой пра гэта нам ужо не скажа. Мы самі, кожны ў свой Час, даведаемся пра Гэта, але там, "за гробом".
В.Ш. Здаецца, шаноўны Леанід Марцінавіч, што Вашы глыбокая знітаванасць з народнай псіхалогіяй, трывалае і даўняе перакананне ў тым, што "работа - наш няспынны плуг, работа - рух няспынны", сталіся грунтам адэкватнага ўспрымання запатрабаванняў часу, сцверджаныя яшчэ не ўсімі нашымі пісьменнікамі засвоенай думкі: "Не словам адзіна жыве чалавек"… Дарэчы, думкі тым больш апраўданай, калі гэтым чалавекам ёсць пісьменнік таленавіты, шырокапрызнаны, уганараваны прэміямі. І ўсё ж, напэўна, для многіх з'явіўся нечаканым Ваш пераход ад шумлівага літаратурнага жыцця і актыўнага творчага самавыяўлення ў чыста практычную сферу дзейнасці. Зразумела, катэгарычнасць меркавання ў апошняй частцы фразы заведама правакацыйная. Бо наўрад ці чалавек, што "стаў чуллівы ў сорак год", заўжды дбаў ад чуйнасці і абуджэнні душаў, у адным імгненні увекавечыў жанчыну-маці як вышэйшую праяву мудрае красы светабудовы, нават пры самым агромністым жаданні захоўваць, трымацца адно толькі зямной раўнавагі не можа ўласнаручна адмовіцца ад дару таленту, ад прагі адкрыцця свайго сёмага мацерыка. Таму наважваюся запытаць: пра што Вам пішацца зараз; якія задумы, праблемы, часы, і адпаведна жанравыя формы для іх мастацкага выяўлення займаюць прасцягі Вашага творчага неспакою; над чым працуецца асабліва плённа?
Л.Д. Напісаў кніжку вершаў пад назваю "Дзеці Еўропы". Мяркую напісаць гатычны раман з часоў князя Гедыміна "Гарады не здаюцца". Пішу гістарычныя карацелькі-мініяцюркі "Герадоцінкі". Быў такі вялікі грэк Герадот, "бацька гісторыі", як называюць яго. Ён напісаў салідныя тоўстыя кнігі пра жыццё грэкаў, егіпцян, персаў і г.д. Я - не Герадот. Я пішу маленькія "Герадоцінкі". Дзеля гэтага пабываў у рэгіёне Міжземнага мора, быў у Турцыі, Грэцыі, Егіпце, Ізраілі, на Кіпры. Абпёк твар міжземнаморскім сонцам і ветрам. Ля піраміды Хеопса ў Егіпце стаяў і думаў: "Гэту веліч збудаваў фараон, дакладней, ягоныя рабы. Пад ударамі бічоў рабы збудавалі гэту гіганцкую піраміду, гэту каласальную каменную гару, а самі сталі пяском, пылам. Але сёння піраміда штогод корміць іхніх нашчадкаў, бо мільёны турыстаў з усяго свету вязуць і вязуць у Егіпет даляры. Нашы дзяды, нашы бацькі таксама будавалі піраміду, імя якой Камунізм. Але гэтая чырвоная піраміда рухнула і не дае сёння нам, нашчадкам яе будаўнікоў, ні капейкі. Чаму так здарылася? Хто адкажа?" А ў прынцыпе - жыццё працягваецца. Расцем мы. Растуць нашы дзеці і ўнукі. І ўсё будзе нармальна. Як у нас казалі: "Будзе і на нашым хутары вечарынка".
Беларусь, ты не забыта. У душы, як Божы знак, Хата, канюшына, жыта, Бульба, бусел, шпак…
Мроя, хлопец закаханы, Цемра, шлях дамоў… Беларусь, ты збудавана З беларускіх слоў.
В.Ш.M. Дазвольце шчыра падзякаваць за гэтую прыемную сустрэчу, цёплую, сагрэтую душэўнай адкрытасцю Вас і Вашых блізкіх, гэтаксама як і пачутымі радкамі хвалюючай паэзіі, размову. Поспехаў Вам ва ўсім, паважаны Леанід Мартынавіч.
Колькасць прачытаўшых: 4406 Колькасць вогдукаў: 1