Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Святло зямное

Жыве ў Смалявічах лёгкі на пад’ём усмешлівы чалавек Вячаслаў Зайцаў, ён жа Адам Выгодскі. Журналіст, адказны сакратар раённай газеты “Край Смалявіцкі”, нарысіст, гумарыст, пісьменнік-бытапісальнік, тонкі знаўца вясковага побыту і сялянскай душы. Колькі год запар я сам працаваў адказным сакратаром, быў “начальнікам штаба”, як называюць гэтую няпростую пасаду іранічна-красамоўныя рагатуны. Але ж тое дзеелася ў літаратурнам часопісе, у ціхім сталічным кабінеце, а тут – раёнка, шум, гвалт, сяўба, жніво! Бясконцы калаўрот спраў, рэзкія гукі і фарбы рэальнага, а не кінематаграфічнага жыцця. Трэба зазначыць, што Смалявіччына – спецыфічны раён. Побач – Мінск, гіганцкі паглынальнік маладой рабочай сілы. Аўтамабілебудаўнічае Жодзіна ўрэзалася гарачым металічным пятачком у самую сэрцавіну зялёнага хлебаробскага краю. Дзейнічае нацыянальны аэрапорт. І ўсюды – саўгасы, калгасы, фермерскія гаспадаркі...
Восем гадоў (так склаўся лёс) працую я ў Смалявіцкім раёне і ведаю ўсіх людзей, аб якіх піша Вячаслаў Зайцаў. Ведаю Мікалая Неўмяржыцкага, Фёдара Прывалава, Яўгена Кульваноўскага... Самабытныя людзі, моцныя кіраўнікі...
Вёска наша, як і ўсё наша жыццё, знаходзіцца сёння на пакутлівым раздарожжы. Спрачаюцца “левыя”, спрачаюцца “правыя”, хорам радзяць як жыць, як сеяць, а я згодны з Вячаславам Зайцавым: выратаванне вёскі ў адным – у разумнай стваральнай працы. Апошняе слова скажа гарачы вясенні плуг.
Вячаслаў Зайцаў, як кожны беларус, цнатліва любіць прыроду. Не ярка-трапічную, не карнавальную, а сціплую, свойскую, з шэрым дожджыкам, з ветрам над чорным полем. Самі назвы кароценькіх удумлівых навелак, напісаных добраю беларускай моваю, кажуць пра гэта: “Урачысты гай”, “Светлы сум бярозавы”, “Салавей над асфальтам”...
А яшчэ ён – прыроджаны гумарыст, цудоўна валодае вострым і адначасна цёплым народным словам.
Вось і усё, што я надумваўся сказаць. Разгарніце гэту кніжку, прайдзіце разам з аўтарам па зялёнай смалявіцкай зямлі.

 

Колькасць прачытаўшых: 2602
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:
Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
Стварэнне сайта - ArtisMedia
© Леанiд Дайнека, 2007